Главная / Новости / Новости района
Новости района
04.04.2017

“Кірмаш вакансій” прайшоў у Шуміліне

У мінулую сераду ў раёне прайшоў “Кірмаш вакансій”, ініцыяваны ўпраўленнем па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама. 16 прадстаўнікоў ад арганізацый і прадпрыемстваў раёна прыйшлі ў пошуках работнікаў, у іх ліку тры наймальнікі праявілі асабісты інтарэс – КУСГП “Сіроцінскі”, ААТ “Прыдзвінскі” і “АграБаравінка”. У сваю чаргу каля 70 чалавек завіталі ў пошуках працы.

Кіраўнік “АграБаравінкі” Уладзімір Антонавіч Арлоў яшчэ ў холе Дома Саветаў, дзе сабраліся суіскальнікі работы, паспрабаваў вырашыць свае пытанні, папрасіўшы падысці да яго бухгалтараў і механізатараў. “Бухгалтара не аказалася ніводнага, ды і механізатара талковага таксама, – прызнаўся кіраўнік гаспадаркі, – таму я і пайшоў ні з чым”.

І кіраўнік “Прыдзвінскага” Уладзімір Іванавіч Дзятлаў таксама застаўся пры сваіх інтарэсах.

А вось кіраўнік “Сіроцінскага” Мікалай уладзіміравіч Прыгодзіч сам непасрэдна адседзеў усё мерапрыемства ў пошуках неабходных кандыдатур. І пасля прызнаўся, што застаўся задаволены. Ён прыгледзеў і запрасіў на работу трох спецыялістаў: заатэхніка з вышэйшай адукацыяй, вадзіцеля і лабаранта. “Мой спецыяліст па кадрах запісаў яшчэ некалькі кандыдатур, – расказаў Мікалай Уладзіміравіч, – зараз ён патэлефануе на іх ранейшыя месцы працы, і потым мы прымем рашэнні па прыёме на работу”.

Чалавек дзесяць прыехала з Обалі. Там вельмі напружаная сітуацыя з працай. Жанчын зацікавіла прапанова начальніка ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Святланы Валянцінаўне Валекавай прайсці тэсціраванне-субяседванне з наймальнікам, які збіраецца адкрыць летам у Обалі прадпрыемства па пашыву адзення. Аднаго абальчаніна паабяцалі прыняць на работу на ОКЗ.

Між іншым, без прафесіі прыйшло вельмі шмат людзей. Практычна ўсе, зразумела, жадалі б уладкавацца вартаўніком, падсобным рабочым ці прыбіральшчыцай. Толькі вось дзе столькі вакансій узяць? Сёння гэтыя прафесіі самыя дэфіцытныя. І на іх, чаго ўтойваць, бяруць ледзь не па кастынгу, нават і з вышэйшай адукацыяй.

Многім, у каго няма ні адукацыі, ні спецыяльнасці, Святлана Валянцінаўна Валекава прапаноўвала звярнуцца на прыватнае дрэваапрацоўчае прадпрыемства МВ-17, якое зараз набірае брыгаду падсобных рабочых і ўпакоўшчыц.

Набіраюць на сезон брыгады рабочых па добраўпарадкаванні УП ЖКГ і лясгас, туды таксама можна паспрабаваць уладкавацца.

І многія, трэба сказаць, былі згодныя на такія ўмовы работы.

А вось той спіс вакансій, які змешчаны ніжэй, істотна зменшыць наўрад ці ўдалося.

Хаця, напэўна, павінны закрыць некалькі вакансій аддзел адукацыі, ПМС, райспажыўтаварыства, райаграсэрвіс.

Наогул, першы “Кірмаш вакансій” пацвердзіў факт вострага дэфіцыту спецыялістаў, пракаменціравала С.В. Валекава. І многія з тых, хто завітаў у той дзень, маюць сумніўную рэпутацыю, артыкулы ў працоўнай кніжцы, не вельмі прывабны выгляд. І на іх тварах добра чытаецца, што такія людзі з кагорты тых, хто не вельмі ўжо і жадае працаваць. А прыйшлі проста так, дзеля інтарэсу…

Рэкордная колькасць вакансій у раёне за апошні час была прадстаўлена ўпраўленнем па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама на канец сакавіка – 81.

Па традыцыі, больш за ўсё адчуваюць недахоп кадраў у сельскагаспадарчых арганізацыях – 34 вакансіі.

Сельскім гаспадаркам вельмі патрэбны наступныя спецыялісты:

  • два галоўныя заатэхнікі,
  • галоўны інжынер,
  • два галоўныя эканамісты,
  • вядучы заатэхнік,
  • галоўны энергетык,
  • галоўны бухгалтар і тры бухгалтары,
  • галоўны ветурач і два ветурачы,
  • аграном,
  • юрысконсульт,
  • інжынер па ахове працы,
  • інспектар па кадрах,
  • спецыяліст па кадрах,
  • электрагазазваршчык,
  • вадзіцель,
  • пяць аператараў машыннага даення,
  • пяць трактарыстаў,
  • два жывёлаводы.

Шумілінская цэнтральная раённая бальніца з задавальненнем прыме на работу

  • трох урачоў-спецыялістаў,
  • пяць фельчараў,
  • трох медсясцёр
  • і дзве акушэркі.

Ёсць вакансіі на Обальскім керамічным заводзе: тут патрэбны

  • бухгалтар,
  • сакратар,
  •  слесар па кантрольна-вымяральных прыборах і аўтаматыцы 5 разраду,
  • вадзіцель пагрузчыка 4 разраду,
  • вадзіцель аўтамабіля 5 разраду,
  • тынкоўшчык 4-5 разраду,
  • электраманцёр па рамонце і абслугоўванні электраабсталявання 5 разраду.

Райспажыўтаварыства запрашае на работу

  • дзевяць прадаўцоў,
  • сакратара
  • і кладаўшчыка.

Аддзелу адукацыі, спорту і турызму райвыканкама патрабуюцца

  • інжынер-цеплатэхнік,
  • музычны кіраўнік,
  • педагог-псіхолаг.

Аддзелу ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама –

  • тры акампаніятары,
  • тры кіраўнікі гурткоў
  • і два мастацкія кіраўнікі.

Ёсць вакансія сацыяльнага работніка ў тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, вакансія вадзіцеля аўтамабіля – у КУП БАН, вакансія электраманцёра па рамонце і абслугоўванні электраабсталявання 4-5 разраду – у лясгасе.

Смотреть все