Правопорядок
01.11.2019

Няхай канікулы будуць спакойнымі

З 31 кастрычніка па 4 лістапада праводзіцца спецыяльны комплекс мерапрыемстваў "Падлетак". З 5 па 12 лістапада будуць праведзены комплексныя прафілактычныя мерапрыемствы па папярэджанні правапарушэнняў сярод непаўналетніх і надзвычайных здарэнняў з іх удзелам.

Такая пільная ўвага да дзяцей выклікана тым, што ў рэспубліцы зарэгістраваны рост злачынстваў сярод непаўналетніх або з іх удзелам. На жаль, ёсць такі рост і ў нашым раёне. Калі ў мінулым годзе за дзевяць месяцаў на Шуміліншчыне не было злачынстваў сярод падлеткаў, то сёлета зарэгістравана адно (па арт. 149 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь «Наўмыснае нанясенне менш цяжкіх цялесных пашкоджанняў»).

Падчас прафілактычных мерапрыемстваў супрацоўнікі аддзела ўнутраных спраў асаблівую ўвагу ўдзяляюць падлеткам, якія стаяць на індывідуальна-прафілактычным уліку, а таксама дарослым, якія прыцягвалі дзяцей да антыграмадскіх паводзін і супрацьпраўных дзеянняў.

Зараз восеньскія канікулы. І бацькі павінны звярнуць пільную ўвагу на тое, каб іх дзеці не былі прадстаўлены самі сабе. Кожнаму можна знайсці занятак па душы: спартыўныя секцыі, гурткі, заняткі па інтарэсах, школьныя лагеры, паездкі да бабулі. Няхай канікулы для кожнага будуць бяспечнымі і спакойнымі.

Алена СЕЛЯЗНЁВА,
старшы інспектар інспекцыі па справах непаўналетніх РАУС

Смотреть все